Вільня радасна вітала Напалеона ўжо праз чатыры дні пасьля таго, як ягоная Вялікая армія перайшла Нёман. Першымі ў горад пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ўвайшоў уланскі полк князя Дамніка Радзівіла. Ня менш урачыстая сустрэча была, дарэчы, наладжаная ў Менску маршалу Даву.
Нашы землі афіцыйна называліся “вызваленымі ад расейскага прыгнёту”. Напалеон абвясьціў пра аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Вільні. Яно складалася з Гарадзенскай, Віленскай, Менскай губэрняў і Беластоцкай вобласьці, перайменаваных у дэпартамэнты. Ваенная ўлада ў Княства належала францускаму генэрал-губэрнатару, грамадзянская – Часоваму ўраду. Ягоныя камітэты ўзначалілі вядомыя ў краіне дзеячы: граф Юзаф Серакоўскі, князь Аляксандар Сапега, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту Ян Снядэцкі…
Аднак валадара Эўропы мала цікавіла рэальнае адраджэньне нашай дзяржавы. За абяцаньне аднавіць незалежнасьць Напалеон вымагаў 100-тысячнага войска і велізарных паставак фуражу й харчу. Сяляне не дачакаліся вызваленьня ад прыгону.
У сьнежні Вялікае Княства Літоўскае, якое трымалася на францускіх штыхах, спыніла існаваньне. Часовы ўрад пакінуў Вільню і яшчэ каля году працаваў у Варшаве, Кракаве і Дрэздэне, спадзеючыся, што Напалеон распачне новую кампанію ў Расеі.
Часта ліцьвінскіх палкоў Вялікай арміі, у якіх налічвалася 25 тыс. нашых суайчыньнікаў, была разьбітая, частка адступіла і змагалася за чужыя інтарэсы. За чужую Айчыну ваявалі і некалькі дзесяткаў тысяч ліцьвінаў, найперш паднявольных рэкрутаў, што служылі тады ў расейскім войску.
Онлайн-канфэрэнцыя з Уладзімерам Арловым
поўны тэкст